Брэсцкае абласное пісьменніцкае аддзяленне ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» было створана ў снежні 2005 года. Вядомы празаік Анатоль Крэйдзіч узначальваў творчую сябрыну больш чым дзесяць гадоў. У сувязі з пераходам былога кіраўніка літаратурной суполцы на пасаду намесніка старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, 19 снежня 2016г. адбыўся пазачарговы сход, на якім быў абраны новы старшыня Брэсцкага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі – Таццяна Дземідовіч.


З 2006 – па 2016 год Таццяна Дземідовіч узначальвала літаратурны клуб «Літара», з’яўляецца ўкладальніцай рэгіянальных альманахаў «Свая стыхія 2008», «Свая стыхія 2009», калектыўнага зборніка паэзіі і прозы «Сила слабости», дзіцячай кнігі «Карусель», калектыўнага зборніка «ЛітаАўра». Таццяна Дземідовіч лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, аўтар шматлікіх публікацый у літаратурнай перыёдыцы Беларусі.


На ўліку ў абласным пісьменніцкім аддзяленні на 25.01.2017 г. знаходзяцца 48 чалавек.


Аддзяленнем праводзіцца вялікая арганізацыйная, культурна-масавая, асветніцкая, рэдактарская, кансультатыўная работа. Ствараюцца літаратурныя аб'яднанні пры школах, ВНУ, бібліятэках, арганізоўваюцца міжнародныя, рэспубліканскія, гарадскія і раённыя тэматычныя конкурсы. Працуюць творчыя семінары для пачаткоўцаў і маладых літаратараў. На працягу года праводзяцца мерапрыемствы, пісьменніцкія выступленні ў самых розных аўдыторыях: ад дзіцячага садка да вайсковых часцей.


Упершыню ў Беларусі аддзяленнем сумесна з філалагічным аддзяленнем БрДУ імя Пушкіна падрыхтавана і выдадзена «Літаратурная карта Берасцейшчыны» – ёмістае даведачнае выданне пра ўсіх літаратараў і літаратуру Брэстчыны ад сярэднявечча да сённяшняга часу, арганізаваны вандроўкі па літаратурных мясцінах Брэстчыны.


Сярод яркіх мерапрыемстваў – свята паэзіі «Лунінская восень», цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў абласной літаратурнай прэміі імя Ул. Калесніка ( заснавана па ініцыятыве аддзялення ў 2006 годзе) і пераможцаў дзіцячага літаратурнага конкурсу з удзелам старшыні аблвыканкама, Рэспубліканскі фестываль рускай паэзіі «Мы рождены для вдохновения», іншыя фестывалі і творчыя юбілейныя вечарыны. Распачата серыя кніг «Адкрыццё» і «Созвучье слов живых», у якіх размешчаны лепшыя творы ўдзельнікаў літаратурных дзіцячых і юнацкіх конкурсаў.